Война — это способ разбивать вдребезги, распылять в стратосфере, топить в морской пучине материалы, которые могли бы улучшить народу жизнь и тем самым в конечном счете сделать его разумнее...   Оруэлл Джордж 

Отзывы о банках



Карыстайся зараз, плаці потым!
02 кастрычнiка 2007 года
№ 187 (26052) газета "Звязда"

 

Карыстайся зараз, плаці потым!


...так гучыць ключавы прынцып крэдыту — банкаўскай паслугі, папулярнасць якой сярод беларусаў расце год ад году. Глядзіце самі: яшчэ ў 2001 годзе доля пазык насельніцтву ў крэдытных партфелях банкаў складала толькі 9 працэнтаў, аднак за апошнія 6 гадоў гэты паказчык вырас амаль утрая. Паводле падлікаў Нацбанка, на пачатку 2007 года агульная запазычанасць нашых грамадзян розным банкам краіны складала прыблізна пяць з паловай мільярдаў рублёў, ды гэта і нядзіўна: беларусы "купляюць" у крэдыт не толькі кватэры з абстаноўкай, але і вучобу, лячэнне, адпачынак, нават абанементы ў фітнэс-клуб.

Стаць уладальнікам кватэры цудоўна, а вось разлічвацца за яе ўсё жыццё — наўрад ці... Тым не менш, крэдыт нярэдка з’яўляецца адзіным выйсцем для людзей, якія рызыкуюць так ніколі і не сабраць патрэбную суму, затое могуць выплачваць яе часткамі штомесяц. Плюсоў і мінусаў у пазычэнні грошай у банка хапае, як і прапаноў па крэдытах са спакуслівымі "Без даведак. Без паручыцеляў". Каб не згубіцца ў безлічы варыянтаў і абысці ўсе падводныя камяні, трэба пракансультавацца ў спецыяліста, што мы і зробім. Сёння нашым экспертам будзе Кацярына Смірнова — менеджар партала www.іnfоbаnk.bу, Інтэрнэт-рэсурсу, які акумулюе інфармацыю па ўкладах і крэдытах ва ўсіх банках Беларусі.

Каб зразумець галоўныя патрэбы грамадства, паглядзі, на што яно бярэ крэдыт...

— Калі арыентавацца на статыстыку па крэдытах, прапанаваную Нацыянальным банкам, — даводзіць Кацярына, — то беларусам у першую чаргу неабходна жыллё: менавіта на яго крэдыты самыя запатрабаваныя.

Пры задавальненні адной патрэбы, як заўжды, наступае іншая. У нашым выпадку ўзнікае пытанне "На чым да жылля дабірацца?". Адсюль і мноства прапаноў па аўтакрэдытаванню. На астатнія патрэбы людзі бяруць так званыя спажывецкія крэдыты: на бытавую тэхніку, навучанне, адпачынак.

Мой дом — мая... пазыка

Пачнём, як водзіцца, з галоўнага — з жылля. Крэдыты на будаўніцтва ці куплю нерухомай маёмасці выдаюцца ў вялікіх памерах і на працяглы тэрмін, таму банкі зацікаўленыя ў іх выдачы больш, чым у якіх-небудзь іншых. Пры гэтым мала хто з нашых грамадзян здольны "падціснуцца" і накапіць грошай літаральна з некалькіх зарплат нават на аднапакаёвую кватэру. Такая вось двухбаковая зацікаўленасць у жыллёвых крэдытах нараджае іх вялікі асартымент.

— Максімальны тэрмін, на які вы можаце разлічваць пры афармленні няльготнага жыллёвага крэдыту — 15 гадоў, — папярэджвае наш кансультант. — Такія прапановы вы знойдзеце ў ААБ "Беларусбанк", Пріорбанку, Белаграпрамбанку, Белзнешэканомбанку і іншых. Працэнтныя стаўкі па крэдытах у беларускіх рублях знаходзяцца ў дыяпазоне 16—19 працэнтаў (Пріорбанк і Белаграпрамбанк адпаведна), а ў валюце — 11—15 працэнтаў (Пріорбанк і ААБ "Беларусбанк" адпаведна).

Аднак ёсць вялікая колькасць ахвотнікаў атрымаць крэдыт на льготных умовах, і небеспадстаўна: на радок у спісе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, могуць прэтэндаваць маладыя, шматдзетныя сем’і, тыя беларусы, якія жывуць у інтэрнаце і пры гэтым ужо даўно не з’яўляюцца студэнтамі, і многія іншыя катэгорыі грамадзян.

— Ільготныя крэдыты выдаюцца толькі ў беларускіх рублях і, як правіла, на больш працяглы тэрмін — 20 і нават 40 гадоў, — адзначае Кацярына Смірнова. — Сума крэдыту кампенсуе да 95 працэнтаў кошту жылля, маецца на ўвазе нармаванага (у сталіцы, скажам, норма складае 20 квадратных метраў на чалавека). Вяртаць яе давядзецца ў роўных долях (так званы прынцып ануітэту), а гэта азначае, што канчатковая сума пераплаты будзе большай, чым пры дыферэнцыяваных выплатах. Аднак розніца неістотная, затое роўнымі долямі выплачваць больш зручна — няма такой унушальнай фінансавай нагрузкі ў першыя месяцы (як пры дыферэнцыяваных плацяжах), ды і пры інфляцыі такі варыянт больш выгадны. Працэнтная стаўка па льготных крэдытах — у сярэднім 3—5 працэнтаў, а гэта ў 5 разоў менш у параўнанні са звычайнымі крэдытамі.

— Відаць, яшчэ больш актывізуецца працэс атрымання льготных крэдытаў цяпер, калі ўступіў у сілу прэзідэнцкі ўказ № 414, паводле якога спісы тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, не будуць больш курсіраваць па інстанцыях, а стануць паступаць напрамую ў банк, — мяркуе Кацярына Смірнова. — Новаўвядзенне дазволіць значна скараціць тэрмін разгляду крэдытнай заяўкі. У ААБ "Беларусбанк" абяцаюць прымаць рашэнне аб выдачы кліенту крэдыту не пазней чым праз трое сутак пасля яго звароту з усімі небходнымі дакументамі.

На прапановах ААБ "Беларусбанк" мы, дарэчы, спынімся больш падрабязна, бо ён лідзіруе ў выдачы як жыллёвых, так і іншых крэдытаў — прыблізна тры чвэрці ўсіх крэдытаў выдаецца менавіта тут. Выратавальнай саломінкай для тых, у каго няма грошай нават на першапачатковы ўзнос (а ў некаторых банках ён складае ажно 50 працэнтаў кошту жылля, як напрыклад, у Астанаэксімбанку), можа стаць Сістэма будаўнічых зберажэнняў ААБ "Беларусбанка" — падрыхтоўчы этап перад атрыманнем самога крэдыту.

— Удзельнік такой праграмы адкрывае ўклад і папаўняе яго на працягу 3—7 гадоў (без магчымасці расходаваць сродкі), пакуль не накопіць чвэрць той сумы, што неабходна для куплі жылля, — тлумачыць Кацярына Смірнова. — Тады ўжо можна прэтэндаваць на крэдыт, пры ўмове, што грошы знаходзіліся ў банку не менш за 19 месяцаў.

Тэрмін гэты даволі працяглы, а цэны на нерухомасць пастаянна растуць, і не выключана, што на той момант, калі вы накопіце неабходную суму, яе ўжо не будзе хапаць на патрэбнае жыллё. Затое грошы на дэпазіце захоўваюцца на даволі выгадных умовах — працэнтная стаўка адпавядае стаўцы рэфінансавання (з 1 кастрычніка — 10 працэнтаў), ды і ў далейшым гэта абяцае мноства плюсоў па крэдыту.

— Крэдыт выдаецца на доўгі тэрмін (20 гадоў, як пры льготных крэдытах), — адзначае наш кансультант, — пад адносна невялікі працэнт — на адзін працэнтны пункт больш за стаўку рэфінансавання, што ў параўнанні са звычайнымі крэдытамі прыкладна на 5—7 працэнтаў менш, пры гэтым існуе магчымасць адкласці пагашэнне пазыкі па працэнтах на 3 месяцы (асноўную пазыку давядзецца вяртаць у тэрмін, а вось працэнты на працягу першых трох месяцаў можна не выплачваць).

Адна кватэра пад заклад другой

— Іпатэчнае крэдытаванне, альбо, як яго прынята называць, іпатэка, у Беларусі пакуль неразвіта, — каментуе Кацярына Смірнова, — мабыць, сітуацыя зменіцца з прыняццем закона "Аб іпатэцы". На сёння нельга ўзяць грошы, скажам, на аўтамабіль пад заклад кватэры, затое для набыцця ў крэдыт новай кватэры "старую" можна аформіць у заклад — такое практыкуецца ў Белаграпрамбанку, Астанаэксімбанку, Пріорбанку, Белросбанку і Парытэтбанку. Акрамя афармлення вашай кватэры ў заклад (дзяржаўная пошліна за паслугі натарыуса пры афармленні дагавора закладу на кватэру абыдзецца ў 5 базавых велічынь — 155 тыс. рублёў, за афармленне адпаведных дакументаў у БТІ давядзецца расстацца яшчэ прыблізна з 32 тысячамі рублёў), банку спатрэбяцца і іншыя гарантыі: даведка аб ацэнцы кватэры (прынамсі, для ААБ "Беларусбанк" абавязковай з’яўляецца ацэнка, дадзеная менавіта дзяржаўнай рыэлтарскай кампаніяй), страхоўка жылля (такім чынам банк забяспечыць сябе нават у тым выпадку, калі з вашай кватэрай нешта здарыцца) на ўвесь тэрмін дзеяння крэдытнай дамовы (падаўжаць давядзецца штогод і каштаваць гэта будзе прыкладна адзін працэнт ад ацэначнага кошту кватэры). Можа спатрэбіцца і паручыцельства, асабліва калі ў заклад вы афармляеце новую кватэру, якая яшчэ не пабудавана, — банк тым самым мінімізуе ўласную рызыку. Пріорбанк, які лідзіруе ў выдачы жыллёвых крэдытаў сярод камерцыйных банкаў, прапануе пабудаваць кватэру пад заклад на такіх умовах: 16 працэнтаў гадавых, калі сума крэдыту не перавышае 100 млн рублёў, і на два працэнтныя пункты менш у адваротным выпадку. Памятайце, што ў іпатэцы дзейнічаюць наступныя прынцыпы: нерухомасць афармляецца ва ўласнасць таго, хто пазычае ў банка адразу, а не пасля выплаты крэдыту, і адабраць маёмасць у пазычальніка банк можа ў выпадку парушэння крэдытнага дагавора і толькі пасля адпаведнага рашэння суда.

З банка — на аўтабан

Будзем лічыць, што з жыллём разабраліся, можна і за транспарт узяцца. Працэнтныя стаўкі па крэдытах розняцца ў залежнасці ад многіх фактараў: напрыклад, ад таго, новы гэта аўтамабіль ці той, што быў у карыстанні. Ужываны аўтамабіль — значна меншая каштоўнасць для банка як гарантыя аплаты крэдыту, чым новая машына, таму далёка не ўсе банкі выдаюць такія крэдыты (за гэта бяруцца толькі Белаграпрамбанк, ААБ "Беларусбанк", Белзнешэканамбанк, Беларускі народны банк, Белрасбанк, Мінскі транзітны банк і Самбелбанк), а ў некаторых банках, якія аказваюць такую паслугу, павышаюць працэнтную стаўку па крэдытах. Напрыклад, у Мінскім транзітным Банку вы можаце ўзяць крэдыт на новы аўтамабіль пад 14,9 працэнта гадавых, а ўжываны абыдзецца на адзін працэнтны пункт даражэй. Уплывае гэта і на памер штомесячнай камісіі за абслугоўванне крэдыту (у тых банках, дзе яна ёсць): у Мінскім Транзітным банку пры выплаце асноўнай пазыкі і працэнтаў па аўтакрэдыту давядзецца штомесяц дабаўляць па 29 тысяч, калі купілі ў крэдыт новую машыну, і 49 тысяч, калі ваша машына была ва ўжытку раней.

Пры выбары крэдыту памятайце, што дзяржаўныя банкі аддаюць перавагу паручыцельству як гарантыі аплаты крэдыту, а камерцыйныя банкі зацікаўленыя ў выдачы крэдыту пад заклад аўтамабіля. Для вас гэта азначае дадатковыя траты на афармленне дакументаў, якія могуць "пацягнуць" на 75 тысяч рублёў. Далёка не дробнай тратай акажацца і афармленне страхоўкі: абавязковай умовай любога банка з’яўляецца страхаванне аўто па сістэме "Поўнае Каска" (у выпадку ДТЗ, стыхійных з’яў, проціпраўных дзеянняў трэціх асобаў і іншае) на ўвесь перыяд дзеяння крэдытнага дагавора. Кошт такой страхоўкі залежыць ад маркі аўтамабіля, яго аснашчанасці проціўгоннымі механізмамі і іншых фактараў. Страхоўка на год абыдзецца вам ажно ў 5 працэнтаў ад кошту аўтамабіля, штогод яе давядзецца падаўжаць.

Што датычыцца першапачатковага ўзносу, ён можа вар’іравацца ў залежнасці ад многіх фактараў — палітыкі банка, наяўнасці паручыцеля, навізны машыны і іншых. Так, у Белросбанку незалежна ад тэрміну эксплуатацыі машыны крэдыт пагашае яе кошт поўнасцю, пры наяўнасці паручыцеля, зразумела. А вось у Мінскім транзітным банку пры афармленні крэдыту на ўжываную машыну 30 працэнтаў яе кошту (машыну трэба будзе ацаніць, аплата гэтай паслугі абыдзецца прыкладна ў 120 тыс. рублёў) давядзецца аплаціць адразу.

— Мы падлічылі, што ў сярэднім сума пераплаты па аўтакрэдыту складае прыблізна трэць кошту самога аўтамабіля (без уліку страхоўкі, зразумела), — кажа Кацярына Смірнова. — Параўноўваліся пераплаты па крэдытах на адны і тыя ж машыны ў Астанаэксімбанку, ААБ "Беларусбанк", Белгазпрамбанку, БПС-Банку (Белпрамбудбанку), Белросбанку, Банку Масква-Мінск, Пріорбанку (глядзіце табліцу). Да таго ж, пакуль вы будзеце выплачваць крэдыт (а гэта прыблізна 5 гадоў), машына згубіць у цане амаль удвая — гэта відавочныя мінусы аўтакрэдытаў. Суцешыць вас хіба толькі тое, што ўжо праз некалькі дзён пасля афармлення крэдыту вы зможаце сесці за руль аўтамабіля, на які пры іншым раскладзе давялося б капіць гадамі.

На думку менеджара партала www.іnfоbаnk.bу, аўтакрэдыты актуальныя для асобаў, якія не могуць назбіраць грошай нават на танную машыну, а таксама для тых, у каго не хапае сродкаў на больш дарагую і раскошную мадэль.

— Папулярнасць аўтамабільных пазык у Беларусі пастаянна расце, і хутка мы, відаць, наблізімся да паказчыку заходніх краін, дзе ў крэдыт прадаецца 9 з 10 машын, — мяркуе Кацярына Смірнова. — Пры падліках тэрміну выплаты аўтакрэдыту ўлічвайце як мінімум дзве акалічнасці: пры больш доўгім тэрміне крэдыту выплаты будуць не так моцна "ўдараць" па бюджэту, але і канчатковая сума пераплаты па крэдыту ў тых банках, дзе штомесяц здымаецца камісія за абслугоўванне, будзе большай. Скажам, калі камісія складае 30 тысяч, то да сумы асноўнай пазыкі і выплаты працэнтаў праз 5 гадоў дабавіцца
1 800 000 рублёў, а праз 6 гадоў — 2 160 000. Розніца даволі істотная. Нельга забывацца і на тое, што падаўжэнне тэрміну выплаты крэдыту будзе мець рацыю пры выбары больш дарагога аўтамабіля, бо кошт таннай машыны павялічыцца ад гэтага значна больш істотна: параўнайце — пераплата па крэдыту на 5 гадоў за аўтамабіль Dаеwоо Mаtіz коштам каля 6 тыс. долараў складзе прыблізна 2400 долараў (ажно 40 працэнтаў ад рэальнага кошту машыны), а за Mіtsubіshі Lаnсеr коштам каля 15 400 долараў — 4158 долараў (а гэта толькі 27 працэнтаў кошту). Звычайна аўтакрэдыт выдаецца на тэрмін да 5 гадоў, але ў Самбелбанку абмяжоўваюцца 3 гадамі, а ў Беларускім Народным банку, наадварот, можна падоўжыць "задавальненне" і расплачвацца з банкам звыш 7 гадоў.

Ад канапы да тэлевізара — крэдыт

Спажывецкія крэдыты — гэта велізарная група крэдытаў, якія надзвычай адрозніваюцца па сумах і механізмах афармлення, прапановы па іх можна знайсці не менш чым у 20 банках. Скажам, для пакупкі тэлефона лепш аформіць экспрэс-крэдыт.

— Тэрмін разгляду заяўкі на экспрэс-крэдыт сапраўды даволі сціслы: банкі рэкламуюць яго як "лічаныя гадзіны", аднак у рэальнасці гэта зойме дзень-два, — адзначае Кацярына Смірнова, — пры гэтым спатрэбіцца мінімальны набор дакументаў, а паручыцельства і ўвогуле не патрэбна. Калі ж вы збіраецеся набыць шыкоўны набор мэблі, лепш пашукайце краму, у якой ёсць дамоўленасць з банкам аб безнаяўным разліку, тады ўдасца зэканоміць на камісіі за зняцце грошай.

Аднак ёсць у спажывецкіх крэдытах і нешта агульнае.

— Усе яны, як правіла, выдаюцца на адносна невялікую суму і адпаведна на кароткі тэрмін (ад некалькіх месяцаў да 3 гадоў), — тлумачыць Кацярына Смірнова. — Шкала працэнтных ставак выглядае прыкладна так: ад 16 працэнтаў гадавых (паводле прапановы Парытэтбанка) да 18 працэнтаў гадавых (у Белаграпрамбанку) на крэдыты ў беларускіх рублях, і 12,5 працэнта (Банк Масква—Мінск) — 14 працэнтаў (Белзнешэканамбанк) у валюце. Больш нізкія працэнты па валюце тлумачацца меншым узроўнем яе інфляцыі. Сума спажывецкіх крэдытаў, як правіла, знаходзіцца ў межах 1000—5000 тысяч долараў ЗША. Выключэнне складаюць Беларускі народны банк і Белросбанк: тут можна атрымаць крэдыт тэрмінам да 5 гадоў на суму ў 10 тыс. долараў і 40 тыс. долараў адпаведна. У некаторых банках лімітуюць мінімальную суму спажывецкага крэдыту: напрыклад, Парытэтбанк выдае крэдыты ад аднаго млн рублёў, Пріорбанк — ад 500 тыс. рублёў, Самбелбанк — ад 200 тыс. рублёў і г.д.

Цікава, што для павышэння попыту на айчынныя тавары дзяржаўныя банкі выдаюць крэдыты на іх па паніжаных стаўках: за пазыкай на пральныя машыны "Атлант" і брэсцкія дываны звяртайцеся ў ААБ "Беларусбанк", а калі хочаце набыць тэлевізар "Гарызонт", то вам у Белаграпрамбанк. Шкала працэнтных ставак тур- і адукацыйных крэдытаў вызначаецца ў адпаведнасці з тым, дзе вы будзеце адпачываць/вучыцца.

Ну вось мы вас, шаноўныя чытачы, крыху і зарыентавалі, далей выбар за вамі. Нагадаем толькі, што на сайце www.іnfоbаnk.bу ёсць спецыяльныя калькулятары, пры дапамозе якіх вы зможаце ўвесці неабходныя патрабаванні да крэдытаў і атрымаць выбарку па прапановах банкаў, а таксама азнаёміцца з каталогам тавараў, што прапануюцца ў крэдыт.


5 пытанняў, якія абавязкова трэба задаць пры афармленні крэдыту:

1. Якім чынам пройдзе афармленне? Ці патрэбны даведка аб зарплаце, паручыцельства, дагавор закладу, наколькі хутка банк прыме рашэнне па крэдытнай заяўцы? Больш прывабным крэдыт робяць не толькі меншыя выплаты, але і мінімальная колькасць запоўненых дакументаў, разгледжаных у самы кароткі тэрмін. Ваша сярэднямесячная зарплата будзе іграць вызначальную ролю пры разліку сумы і тэрміну крэдыту ў тых банках, дзе даведку аб зарплаце патрабуюць (ААБ "Беларусбанк", Белаграпрамбанк, Пріорбанк і іншыя). У Астанаэксімбанку і Мінскім транзітным банку гэты дакумент не спатрэбіцца: лічыцца, што калі кліент можа выплаціць першапачатковы ўзнос і аплаціць іншыя траты па крэдыту (на афармленне страхоўкі, дагавора закладу і іншых) на кватэру ці машыну — гэта і ёсць пацвярджэнне яго крэдытаздольнасці. У Самбелбанку пры наяўнасці іншых крэдытаў у іншых банках патрабуюць крэдытны дагавор і квітанцыю аб апошняй аплаце. Лягчэй за ўсё афармляюцца спажывецкія крэдыты: экспрэс-крэдыты, якія практыкуюць Белросбанк, Беларускі Народны Банк, БПС-Банк; безнаяўны разлік у гандлёвых пунктах, што маюць адпаведную дамоўленасць з тым ці іншым банкам (Самбелбанк, РРБ-Банк). Даволі хутка афармляюцца і крэдыты па картках (у БелСвісБанку, Банку Масква-Мінск). А вось разглядам заяўкі на крэдыт наяўнымі грашыма банк можа займацца і на працягу тыдня.

2. Якая будзе форма забеспячэння крэдыту? У той час як дзяржаўныя банкі імкнуцца засцерагчыся ад небяспекі паручыцельствам, камерцыйныя аддаюць перавагу закладу. ААБ "Беларусбанк", напрыклад, наогул не выдае ніводнага крэдыту без паручыцеляў, нягледзячы на тое, купляеце вы дыван ці кватэру. Белросбанк увёў "беспаручыцельскі" ліміт: калі вы хочаце пазычыць у банка суму, якая не перавышае 1500 долараў, паручыцель вам не спатрэбіцца, а вось калі больш — шукайце таго, хто мог бы за вас паручыцца. Некаторыя банкі заахвочваюць паручыцельства метадам "перніка" — зніжаюць працэнтныя стаўкі для тых, у каго ёсць паручыцелі: напрыклад, у Белзнешэканамбанку за крэдыт па картцы на 12 месяцаў давядзецца плаціць 15 працэнтаў гадавых без паручыцельства ці 14 працэнтаў, калі паручыцель у вас ёсць. Без дадатковага забеспячэння выдаюцца, як правіла, спажывецкія крэдыты на невялікія сумы.

3. Якія выплаты будуць акрамя асноўнай пазыкі і працэнтаў па крэдыту? Ці прадугледжана штомесячная камісія за абслугоўванне, страхаванне аўтамабіля ці кватэры (у выпадку, калі яны афармляюцца ў заклад), камісія за разгляд банкам вашай заяўкі, камісія за афармленне дакументаў (дагавор закладу і іншыя); па крэдытнай картцы — камісія за зняцце наяўных грошай, за выпуск, абслугоўванне і прадаўжэнне карткі. Параўноўваючы розныя прапановы па крэдытах, глядзіце не толькі на ўзровень працэнтнай стаўкі — не забывайцеся падлічыць агульную суму выплат з улікам усіх згаданых вышэй. Выбірайце варыянт, найбольш аптымальны для вас. Роўнымі долямі вяртаць менш выгадна, паколькі сума пераплаты будзе большай, затое пры дыферэнцыяваных выплатах у першыя месяцы аплата будзе больш адчувальнай. Камісія за зняцце наяўных грошай звычайна складае 2—4 працэнты ад сумы, якую здымаюць. Калі ж хочаце на гэтым зэканоміць, карыстайцеся безнаяўным разлікам — пераводзьце грошы на рахунак прадаўца.

4. Ці магчыма датэрміновае пагашэнне крэдыту без выплаты кампенсацыі? Гэта пытанне асабліва актуальнае для крэдытаў на жыллё як самых доўгатэрміновых. У ААБ "Беларусбанк", Белаграпрамбанку, Парытэтбанку, Белросбанку адносіны да пагашэння раней тэрміну лаяльныя: камісія не здымаецца, працэнты разлічваюцца за рэальны час карыстання крэдытам. У Пріорбанку знайшлі другое выйсце: тут вам прапануюць выбар — узяць жыллёвы крэдыт на 5, 10 ці 15 гадоў, аднак калі вызначыце занадта доўгі тэрмін, а пасля захочаце выплаціць крэдыт раней, давядзецца дадаць да выплаты своеасаблівы штраф у памеры аднаго працэнта ад сумы плацяжу па датэрміноваму пагашэнню, калі гэта сума будзе ў тры і болей разоў перавышаць звычайныя штомесячныя плацяжы па крэдытах. Ёсць банкі, якія ўводзяць мараторый на датэрміновае пагашэнне ў прынцыпе (напрыклад, у Астанаэксімбанку, Белгазпрамбанку і Пріорбанку нельга выплаціць аўтакрэдыт раней, чым праз паўгода).

5. Якія будуць бонусы? У Мінскім Транзітным Банку, напрыклад, пры афармленні крэдыту вам бясплатна выдадуць авердрафтную пластыкавую картку з запазычанасцю да 500 долараў пры суме крэдыту, што не перавышае 15 тысяч долараў, калі ж сума крэдыту большая, то запазычанасць можа быць да тысячы долараў.

І апошняя, самая празаічная парада — уважліва чытайце крэдытны дагавор, бо падчас кансультацыі ў банку вам могуць не сказаць аб існаванні, скажам, мараторыя на датэрміновае пагашэнне крэдыту, а ў дагаворы гэты нюанс будзе прапісаны. Высвятляйце ўсё да дробных дэталяў, асабліва калі ўмовы крэдыту непраўдападобна выгадныя — бясплатны сыр, вядома ж, толькі ў пастцы.

Ала МАЧАЛАВА
http://www.zviazda.by/ru/archive/article.php?id=2659&idate=2007-10-03
http://www.zviazda.by/ru/archive/article.php?id=2659&idate=2007-10-03